955-годдзе горада Мінска
09.09.2022Сёлета сталіца нашай краіны святкуе сваё 955-годдзе.
Упершыню Мінск згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» – вядомага летапісу 1067 года – у сувязі з бітвай на рацэ Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 года. Прычынай сутыкнення паслужылі спробы полацкага князя Усяслава захапіць Пскоў і Ноўгарад.
У 1065 годзе ён напаў на Пскоў, але ўзяць яго не змог і вымушаны быў адступіць. Праз год захапіў Ноўгарад, а частку горада спаліў. У адказ на гэта кіеўскі князь Ізяслаў разам з братамі князем Усеваладам і чарнігаўскім князем Святаславам з вялікім войскам з'явіліся пад Мінскам. Яны захапілі і разбурылі горад, насельніцтва было ўзята ў палон і часткова знішчана.
Усяслаў з дружынай спяшаўся на дапамогу абложанаму Мінску, але спазніўся. Яго войскі сустрэліся з войскамі Яраславічаў на берагах Нямігі. Тут адбылася бітва, пра якую ў летапісе гаворыцца як пра «злую сечу, у якой многія загінулі».
Ад старажытнага горада засталося не так ужо шмат. У час Другой сусветнай вайны Мінск быў амаль цалкам разбураны. У 1974 годзе ён атрымаў званне горада-героя ў азнаменаванне заслуг яго жыхароў у барацьбе з фашызмам падчас Другой сусветнай вайны.
Мінск размешчаны на Мінскім узвышшы на абодвух берагах ракі Свіслач. Плошча горада складае 348,8 кв. км. Тэрыторыя Мінска дзеліцца на 9 адміністрацыйных раёнаў. Мінск мае статус сталіцы дзяржавы, свой статут, герб і гімн.
Мінск знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных маршрутаў. Аўтамабільныя дарогі звязваюць сталіцу з вялікімі гарадамі Беларусі: Оршай, Віцебскам, Маладзечна, Брэстам, Слуцкам, Магілёвам, Гомелем.
Мінск – буйны чыгуначны вузел. Чыгунка звязвае сталіцу з многімі гарадамі Беларусі і замежжа. У Мінску таксама размешчаны Нацыянальны аэрапорт.
У сталіцы добра развіты грамадскі транспарт – у любую кропку горада можна дабрацца на аўтобусе, тралейбусе або трамваі. Таксама Мінск уваходзіць у лік буйных еўрапейскіх гарадоў, якія маюць такі зручны від транспарту, як метро.
У сістэме адзінага гаспадарчага комплексу Беларусі ў горадзе развіта прамысловасць, навука, кіраванне, фінансы. Прамысловасць прадстаўлена наступнымі напрамкамі: машынабудаванне, электроніка, тэкстыль, будаўніцтва, харчовая прамысловасць і іншыя.
Мінск – найбуйнейшы навуковы і адукацыйны цэнтр рэспублікі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі налічвае 110 суб’ектаў, у тым ліку 70 навуковых арганізацый, дзейнічаюць каля 150 вытворчасцей, якія выпускаюць прадукцыю 5, 6 і больш высокіх навукова-тэхналагічных укладаў у такіх навукаёмістых сферах, як машынабудаванне і біятэхналогіі, новыя матэрыялы.
У сталіцы сканцэнтраваны асноўныя навучальныя ўстановы краіны: ліцэі, каледжы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, сярод якіх: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
Мінск вядомы сваім культурным складнікам. Працуюць 13 музеяў, у тым ліку Нацыянальны мастацкі музей, Музей гісторыі і культуры Беларусі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, 10 тэатраў, сярод якіх Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музыкальны тэатр, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.
У Мінску знаходзіцца каля 3 600 спартыўных аб'ектаў, сярод якіх стадыёны і спартыўныя пляцоўкі, басейны, спарткомплексы і трэнажорныя тэнісныя корты, лыжна-ролерная траса.
У Мінску шмат цікавых гістарычных мясцін і помнікаў архітэктуры: Траецкае прадмесце, плошча Перамогі, праспект Незалежнасці, цэрквы і касцёлы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і іншыя.
Святочныя мерапрыемствы з нагоды 955-годдзя сталіцы нашай краіны пройдуць 10–11 верасня. Горад традыцыйна ўпрыгожаць да такой значнай падзеі, а ў вечар 10 верасня мінскае неба асвеціць святочны феерверк.
З праграмай свята можна азнаёміцца тут.
НІА
09.09.2022 12:14 - 09.09.2022 12:14